Музей грошай Groshi

Музей грошай Groshi — новы праект у Рэспубліцы Беларусь, прысвечаны гісторыі грашовага абароту на тэрыторыі нашай краіны. У ім паслядоўна распавядаецца пра з'яўленне першых грашовых сродкаў больш за 1 500 гадоў таму ў перыяд Рымскай імперыі; станаўленне ўласнай фінансавай сістэмы ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага і яе ўдасканаленне з цягам часу; пра з'яўленне першых папяровых грошай на тэрыторыі Беларусі, а таксама пра стварэнне і развіццё фінансавай сістэмы незалежнай Рэспублікі Беларусь. У экспазіцыі прадстаўлены толькі арыгінальныя прадметы, ні адной копіі ў нашым музеі Вы не знойдзеце!

У музеі грошай у храналагічным парадку можна ўбачыць манеты Рымскай імперыі, Арабскага халіфата, сярэднявечнай Еўропы, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Рэспублікі Польшча міжваеннага перыяду, нямецкія акупацыйныя манеты, а таксама Савецкага Саюза і Рэспублікі Беларусь. Што тычыцца банкнот, то ў экспазіцыі адлюстраваны Расійская імперыя, Украіна перыяду грамадзянскай вайны, акупацыйныя папяровыя грошы Германіі часоў Першай і Другой Сусветных войнаў, мясцовыя грошы беларускіх гарадоў, банкноты Савецкай улады і незалежнай Рэспублікі Беларусь. Значная частка экспазіцыі адведзена пад калекцыю памятных манет Нацыянальнага Банка Рэспублікі Беларусь. Акрамя манет і банкнот у музейную калекцыю ўключаны экспанаты, якія спадарожнічалі грашоваму абарачэнню: купоны, аблігацыі і т. д.

У далейшым у планах пашырэнне экспазіцыі, як храналагічна, так і тэматычна, у тым ліку, дзякуючы размяшчэнню экспанатаў з іншых калекцый.

Інфармацыйна-даведачная сістэма музея дазваляе наведвальнікам з дапамогай сэнсарных экранаў атрымліваць больш падрабязную інфармацыю аб раздзелах экспазіцыі і асобных экспанатах. Акрамя таго, можна даведацца і ўбачыць манеты і банкноты, якія пакуль не адлюстраваны ў нашым музеі.

У музеі працуе гандлёвая зона, дзе можна набыць розныя манеты і папяровыя грошы, а таксама памятныя сувеніры (магніты, манетніцы, манеткі на шчасце).