Літаратурна-музычнае прадстаўленне «Прыгоды цымбал»


9 Мая ў Дзень Перамогі а 11-й гадзіне ў выставачных залах Музея гісторыі горада Мінска адбудзецца літаратурна-музычнае прадстаўленне “Прыгоды цымбал” па матывах ваеннай паэмы народнага пісьменніка Беларусі Аркадзя Куляшова з удзелам навучэнцаў узорнага тэатра “Арт- майстар” сярэдняй школы 136 г. Мінска і Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі.

З нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Дзень Перамогі прапануем звярнуцца да твораў народнага пісьменніка Беларусі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Аркадзя Куляшова (1914-1978). Вайна застала паэта ў адпачынку на роднай Хоцімшчыне. 24 чэрвеня 1941 года ён вярнуўся ў Мінск, ахоплены пажарам, але сям’і не застаў. Са снежня 1943 года і да вызвалення Беларусі Аркадзь Куляшоў працаваў у Беларускім штабе партызанскага руху. У гэты час ім напісана ліра-эпічная паэма “Сцяг брыгады”, у 1944 г. яе працяг – “Прыгоды цымбал”.

Па матывах паэм Аркадзя Куляшова рэжысёрам узорнага тэатра “Арт- майстар” сярэдняй школы 136 г. Мінска пастаўлена літаратурна-музычнае прадстаўленне “Прыгоды цымбал”. У цэнтры ўвагі лёс беларусаў, якіх падчас вайны напаткалі жорсткія выпрабаванні. Акцэнт зроблены на вобразе маці. Маці, якая абараняе дзяцей нават пасля сваёй смерці, Маці салдата-абаронцы і партызана, нарэшце Маці-партызанкі.

Літаратурныя вобразы і сюжэтныя лініі аб’ядноўвае беларускі народны музычны інструмент – цымбалы. Вядома, што цымбалы прайшлі шлях ад забытага самабытнага да нацыянальнага акадэмічнага інструмента. У творы яны выступаюць свайго роду сімвалам неўміручасці і моцы народнага духу беларусаў, іх мужнасці.

У выкананні навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І.Глінкі прагучаць творы беларускіх кампазітараў.

Узорны тэатральны калектыў “Арт-майстар” сярэдняй школы № 136 г.Мінска – школьны тэатр, лаўрэат міжнародных конкурсаў, грантаў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і Мінгарвыканкама. За час тэатральнай дзеянасці пастаўлена больш за 100 прадстаўленняў, у аснове якіх агульначалавечыя каштоўнасці, пытанні ўзаемаадносін паміж людзьмі, чалавекам і грамадствам.

Уваходны білет:
7,00 руб. – для дарослых;
4,50 руб. – для студэнтаў;
3,00 руб. – для школьнікаў.

вул. Ракаўская, 17
+375 17 270 43 66

70